ФІ́ЗІКА ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,
раздзел фізікі, у якім даследуюцца ўласцівасці дыэлектрыкаў і з’явы, звязаныя з іх эл. палярызацыяй. Фл. — тэарэт. аснова стварэння электраізаляцыйных матэрыялаў, матэрыялаў для радыё- і квантавай электронікі.
Вывучае палярызацыю дыэлектрыкаў, электраправоднасць, дыэлектрычныя страты, эл. трываласць, піраэлектрычнасць, п’езаэлектрычнасць, электрастрыкцыю і інш. Даследуе ўласцівасці лінейных дыэлектрыкаў, а таксама сегнетаэлектрыкаў (гл. Фізіка сегнетаэлектрыкаў). Карыстаецца эл. метадамі вымярэння характарыстык дыэлектрыкаў, дыфракцыйнымі металамі даследавання структуры, рэзананснымі метадамі вывучэння структуры і палёў, спектральнымі метадамі ў шырокім дыяпазоне частот і інш.
На Беларусі даследаванні па Ф.д. вядуцца з 1935 у Бел. нац. тэхн. ун-це, з 1959 — у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, з 1964 — у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Тареев Б.М. Физика диэлектрических материалов. 2 изд. М., 1982;
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.
П.А.Пупкевіч.
т. 16, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)